СІНКЕ́ВІЦКАЯ ГЕО́РГІЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства ў в. Сінкевічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 18 ст. на могілках. Царква — трохзрубная з прамавугольнымі ў плане аб’ёмамі роўнай вышыні. Цэнтр. зруб асн. аб’ёму завершаны невысокім чацверыком, накрыты 4-схільным шатром (знутры 8-схільным). Апсіда і бабінец пад вальмавымі дахамі з невял. гранёнымі галоўкамі. На адной восі з царквой пастаўлена зрубна-каркасная званіца; звонку 2-ярусная, мае схаваны прамежкавы ярус, накрыта 4-схільным шатром. У 1978—80 сцены будынкаў вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі і аздоблены падзорам.

Ю.​А.​Якімовіч.

Сінкевіцкая Георгіеўская царква.

т. 14, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)